АКУСТАЭЛЕКТРО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для пераўтварэння і аналагавай апрацоўкі інфармацыі на аснове акустаэлектроннага ўзаемадзеяння. Да іх адносяцца акустаэлектронныя ўзмацняльнікі, генератары, фільтры, рэзанатары, акустычныя лініі затрымкі, дапасаваныя фільтры, прылады для кадзіравання і дэкадзіравання сігналаў і інш. Найб. пашыраны акустаэлектронныя фільтры (п’езаэл. фільтры на аб’ёмных або паверхневых хвалях); выкарыстоўваюцца для вылучэння і інтэгравання (назапашвання) сігналаў, змены іх частотнага спектра. Акустаэлектронныя прылады адрозніваюцца высокай надзейнасцю, мініяцюрнымі памерамі. Выкарыстоўваюцца ў радыёвяшчанні, тэлебачанні, радыёлакацыі, касм. сувязі і інш. Гл. таксама Акустаэлектроніка.
В.М.Дашанкоў.
т. 1, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)